ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́ДНЫЯ ВАЛО́КНЫ,

сінтэтычныя валокны, якія атрымліваюць фармаваннем з раствораў полівінілхларыду, полівінілхларыду хлараванага ці супалімераў, у якіх не менш за 85% вінілхларыду. Асн. гандл. назвы валокнаў з полівінілхларыду — равіль, тэвірон, фібравіль, тэрмавіль, з перхлорвінілавай смалы — хларын, павіяцыд, з супалімераў — віньён, тэрмален. Вызначаюцца вельмі нізкай цепла- і электраправоднасцю. Не гараць, хімічна- і атмасфераўстойлівыя, устойлівыя да мікраарганізмаў. Выкарыстоўваюць для вырабу фільтраваных і негаручых драпіровачных тканін, нятканых матэрыялаў, спецадзення, цепла- і гукаізаляцыйных лямцаў, лячэбнай бялізны.

т. 12, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)